Фестываль «Сонцаварот» пройдзе пад Мінскам

Cтаражытнабеларускі фестываль сонца і раўнадзенства «Сонцаварот» адбудзецца ў панскім маёнтку «Сула», што знаходзіцца пад Мінскам, 21 сакавіка.

Раней менавіта ў такі час нашы продкі пачыналі гукаць вясну, але арганізатары фэсту прыдумалі крыху іншую цікавую праграму. Разам з наведнікамі свята яны будуць запрашаць маладую багіню-прыгажуню Лялю, якая абудзіць прыроду і прывядзе за сабой Вясну і цяпло.

Ляля як сімвал юнацкай свежасці, дзявочай прыгажосці існавала ў пантэоне беларусаў у даўнія часы, але зараз пра яе незаслужана забылі. Дапамагаць шукаць Лялю гасцям Сулы будзе першы сімвал прыходу вясны – мядзведзь, які толькі што прачнуўся.

Таксама ў фестывалі прымуць удзел этнагурт Guda, які зладзіць прыгожы абрад, а таксама пазнаёміць гледачоў з традыцыйнымі народнымі песнямі і танцамі. Апроч гэтага, усіх чакае выступ каманды «Стары Ольса», які выконвае музыку Сярэднявечча на старадаўніх інструментах.

Кульмінацыяй ж «Сонцаварота» стане выпяканнне самага вялікага драніка. Чакаецца, што мінімальны яго дыяметр будзе не меншы за 2 метры. Кожны ўдзельнік свята зможа пакаштаваць яго кавалачак і такім чынам атрымаць порцыю дабра і святла на наступны год. Арганізатары свята зрабілі смелую заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінэса на стварэнне самага вялікага драніка. Кожны наведвальнік свята зможа стаць сведкам новага рэкорду.

На землях сучаснай Беларусі народнага свята «Сонцаварот» не было. Была «Камаедзіца» — аналаг больш усходняй Масленіцы, было «Гуканне вясны».

Арганізатары «Сонцавароту» ў панскім маёнтку «Сула» кажуць, што яны не спрабуюць аднавіць або паўтарыць народнае свята. Сэнс фестывалю значна глыбей, чым проста заклік Вясны. Гэта свята прысвечана аснове жыццёвага ўкладу нашых продкаў — руху нябеснага свяціла, дзякуючы якому жыццё чалавека напаўняецца сэнсам:

Сонцаварот — з’ява змены дня і ночы, пор года, жыццёвых цыклаў. Сімвал бясконцасці, руху і жыцця. Дзень заўсёды змяняецца ноччу, зіма вясной і г. д. Гэта магчыма толькі дзякуючы бесперапыннаму руху астранамічных цел. Але гэта мы зараз можам усё лёгка патлумачыць. А вось нашы продкі лічылі, что гэта невядомая сіла, якая кіруе сонцам і прыродай, а значыць, і жыццём чалавека. Для старажытных славян усё жыццё было непасрэдна звязана з прыродай і засноўвалася ў першую чаргу на земляробчым календары. Пачатак новага года людзі адлічвалі ад вясны, ад першых промняў цёплага сонца, якое абудзіла зямлю, а значыць, і давала пачатак новаму земляробчаму цыклу.
Праграма свята

13.00 – Пачатак свята
13.10 – Абрад абуджэнне мядзведзя
14.10 – Майстар-клас па беларускіх народных танцах ад гурта «Гуда»
14.45 – Будаўніцтва гнязда для бусла
15.00 – Агульны карагод «Саракі»
15.05 – Майстар-клас па сярэднявечных танцах ад тэатра «Вір»
15.45 – Выступленне хадулістаў
15.50 – Абрад Гукання вясны
16.00 – Прылёт багіні Лялі і мядзведзя на бусле
16.10 – Абрад ачышчэння агнём
16.30 – Выпяканне драніка-сонцаварота
16.50 – Пачастункі самым вялікім дранікам
17.00-17.40 – Выступленне гурта «Стары Ольса»

21 сакавіка, панскі маёнтак «Сула», пачатак у 13.00
Уваход: дарослыя – 100 000 рублёў, школьнікі — 50 000 рублёў, дашкольнікі – бясплатна.
Даведкі па тэлефонах: +375-29-613-77-01, +375-29-277-89-35.

Добавить комментарий